Кансультацыя для бацькоў
"Мама, тата, давайце гуляць па-беларуску!"
Часцей за ўсе бывае так, дзіця ідзе ў першы клас, а не толькі не ведае беларускай мовы, але, нават, ніколі і не чула яе меладычнасці і чысціні. Бацькі з жахам садзяцца з сынам, або з дачкой рабіць дамашнюю работу па-беларускай мове і адчуваюць, што ахапіць неахопнае адразу не атрымліваецца. Згублены нейкі перыяд часу, калі можна было далучаць дзіця да роднай мовы яшчэ з маленства. Што рабіць? Плаціць грошы рэпетытарам, альбо ёсць іншы варыянт рашэння праблемы? Прапануем маладым бацькам некалькі парад паступовага знаёмства дзяцей дашкольнага ўзросту з роднай мовай.
Па-першае, калі ваша дзіця наведвае дашкольную установу, то вы павінны ведаць, што існуюць заняткі на беларускай мове ў групах сярэдняга і старэйшага ўзросту. Акрамя таго, праводзяцца фальклорныя святы, напрыклад “Сустракаем вясну”, на якіх дашкольнікаў знаёмяць з культурай беларускага народу, яго мовай, традыцыямі, абрадамі, рамёсламі. На гэтыя святы заўсёды запрашаюцца бацькі. Вось вам і першая ступень адукацыі маленькіх беларусаў.
А далей бацькам трэба развіваць дзіця самастойна ў сям’і. З чаго пачаць? Пачніце з калыханак, чытання кніжак-малютак, прывітання на роднай мове. Затым звярніцеся да збораў ў садок у гульневай форме. “А давай апранацца па-беларуску!” – прапануйце малышу. І называйце яго адзенне: шкарпэткі, насоўка, кішэнька, каўнерык, гузікі, боцікі і г.д. Праз некалькі дзён ваша дзіця без памылак будзе знаходзіць адпаведную рэч, а потым і само назаве яе па-беларуску.
На кухне хай маці пазаве дачушку гатаваць ежу па-беларуску. Назвы садавіны, гародніны, электрапрыбораў дзеці запомняць хутка і з задавальненнем будуць ужываць іх у размове з іншымі людзьмі. Тым часам тата, займаючыся рамонтам кватэры, разам з сынам разбіраюцца, якія патрэбны цвікі, гаечныя ключы, дошкі, шпалеры і іншае.
Ідучы па вуліцы з маленькім грамадзянінам Беларусі, раскажыце яму аб памятніках архітэктуры вашага гораду, назавіце па-беларуску назвы крамаў, транспарту, дрэвы ў парку, хатніх і дзікіх жывёл. Не трэба навязваць малышу размову, калі ён змарыўся, хоча адпачыць або пагуляць. Рухайцеся паступова, але ўпарта і тады, калі ваша дзіця пойдзе у школу, вы убычыце, што нездарма бавілі з ім час, далучаючы яго да роднай мовы.
Лічыце, гэта займае шмат часу, ці патрабуе дадатковых ведаў? Не? Тады, не адкладаючы, бярэмся за работу і добрых вам з дзіцем гульняў па-беларуску.
Папулярызацыя беларускай мовы
ў адукацыйным працэсе ўстановы дашкольнай адукацыі
Адметнай рысай любой вялiкай нацьі, любога вялікага народа з’яўляюцца трапяткія адносіны да сваёй гістарычнай спадчыны, да сваёй культуры, i ў першую чаргу да роднай мовы.
Дзве мовы
Мой тата нарадзіўся ў Курску,
А мама - родам з-пад Гальшанаў.
Гаворыць тата мой па-руску,
На беларускай мове - мама.
Дзве мовы сэрца мне галубяць,
Хоць словы ў іх не супадаюць.
Я з татам апранаю шубу,
А з матуляй- футра апранаю.
Спадніца - юбкой, асукенку
Мой тата платьем называе.
Надзену капялюш - паненкай
Шыкоўна ў шляпе выглядаю.
Купляе татачка носкі мне,
Матуля дорыць мне шкарпэткі,
І саграе мяне ў дзень зімні
І камізэлька, і жылетка.
Бягу да таты я ў сапожках,
А ў боціках лячу да мамы.
Заўжды ў сапожках цёпла ножкам,
Не сцюжна ў боціках таксама.
Пачнецца дождж - пад парасонам
Мы з мамаю ідзём дахаты
І бачым: пад зонтом ад дома
Спяшаецца насустрач тата.
Гаворыць тата мой па-руску,
Ды з часам болей прыкмячаю,
Што словы з мовы беларускай
За мною тата паўтарае -
Са мной ён мову вывучае!
Анатоль Зэкаў
Педагагічны калектыў установы дашкольнай адукацыі ўдзяляе многа ўвагі пашырэнню сферы выкарыстання беларускай мовы. У гадавым плане і планах педагогаў прадугледжаны мерапрыемствы, прысвечаныя папулярызацыі беларускай мовы:
- Вызначаны беларускамоўны дзень (кожны чацвер)
- Заняткі па развіцці беларускага маўлення ( 1 раз у тыдзень)
- Святы беларускай культуры
- Мерпрыемствы, прысвечаныя Дню беларускага пісьменства
- Ранішнікі
- Забавы
- Віктарыны
- Літаратурныя конкурсы, кніжныя выставы “Пісьменнікі- юбіляры”, “Радзіма белых буслоў”
- Бацькоўскія сходы
- Наяўнасць кніг розных жанраў на беларускай мове ў кутках кнігі
- Наяўнасць дзіцячых часопісаў на беларускай мове ў бібліятэках старэйшых груп
- Выданне насценных газет, прысвечаных жыццю і творчасці беларускіх пісьменнікаў
- Наяўнасць партрэтаў беларускіх пісьменнікаў, паэтаў
- Знаёмства са знакамітымі людзьмі Беларусі (спартсмены, касманаўты, артысты, мастакі
- Знаёмства з нацыянальнымі паркамі, заказнікамі Беларусі
- Выхаванне патрыятычных пачуццяў праз знаёмства з дзяржаўнай сімволікай Рэспублікі Беларусь, гістарычнымі помнікамі краіны і г.д.
У адукацыйным працэсе педагогі карыстаюцца вучэбнымі выданнямі для педагагічных работнікаў дашкольных устаноў і выхаванцаў, рэкамендаванымі навукова-метадычнай установай “ Нацыянальны інстытут адукацыі”, “Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь”. У інфармацыйна -метадычным кабінеце дашкольнай установы ёсць матэрыялы па пытаннях патрабаванняў новай рэдакцыі Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі, вучэбна- метадычная і даведачная літаратура, руска-беларускія слоўнікі, серыя публікацый В.Іўчанка “Беларуская мова: новая рэдакцыя правапісу” на старонках навукова-метадычнага журнала “Пралеска” (пачынаючы з №11 за 2009 год).